Вацлаў Ластоўскі: чалавек, які ўпершыню сфармуляваў уласна беларускую візію нашай мінуўшчыны

16 снежня, 2023
3 хвілін чытання

У гісторыі любога народа ёсць людзі, якія літаральна стаяць ля вытокаў нацыянальнага Адраджэння. Часцяком у адзіночку, не шукаючы асабліва паплечнікаў і адзінадумцаў, яны ствараюць тое, з чаго потым вырастае нацыянальная культура – выдаюць газеты і часопісы, адкрываюць таленты, самі пішуць вершы і прозу, займаюцца навукай. 

Але ў выніку адныя робяцца заслужанымі і прызнанымі творцамі, а другія – усяго толькі паўзабытыя дзеячы, імёны якіх вядомыя хіба што адмыслоўцам. Вацлаў Ластоўскі належыць да апошняй катэгорыі. Але давайце бліжэй зірнем на ягоную постаць, бо яна таго сапраўды вартая! 

Вацлаў Ластоўскі

Народжаны ў лістападзе 1883 года на абшарах колішняга Дзісненскага павета, ён увабраў увесь містычны патэнцыял гэтага рэгіёна. У даволі маладым веку Власт, як ён сам часта падпісваў уласныя матэрыялы, далучыўся да беларускага руху і напоўніцу прысвяціў сябе яго разбудове. Да канца свайго жыцця Ластоўскі так і не займеў ніякай вышэйшай адукацыі – нават у пазнейшыя часы, калі ён ужо зрабіўся правадзейным сябрам Інстытута Беларускай Культуры ў графе “адукацыя” сціпла значылася “хатняя”. Гэта аднак не перашкаджала яму стаць надзвычай адукаваным чалавекам свайго часу. Ён шмат чытаў, дыскутаваў, меў шырокі кругагляд. 

У 1909 годзе Ластоўскі стаў рэдакцыйным сакратаром першай беларускай газеты “Наша Ніва”, дзе выдатна праявіў сябе ў якасці аўтара. У тыя часы, калі рэдакцыі бракавала аўтарскіх матэрыялаў, Ластоўскі мог з лёгкасцю запоўніць белыя палосы выдання ўласнымі матэрыяламі. Так ён будзе рабіць і пазней, калі пачне выдаваць уласныя часопісы ды газеты. Але галоўнай ягонай цікавасцю была, канешне ж, гісторыя. 

У 1910 годзе Вацлаў Ластоўскі выдаў “Кароткую гісторыю Беларусі” – гэта была першая спроба сфармуляваць уласна беларускую візію адносна нашай мінуўшчыны. У прадмове да выдання Ластоўскі пісаў, што не з’яўляецца прафесійным гісторыкам і не мае адпаведнай адукацыі, а ўсяго толькі падае ўжо вядомыя факты. Галоўная навіна тае кніжачкі была ў тым, што яна была напісана з беларускіх пазіцый. Беларусам і для беларусаў. 

«Кароткая гісторыя Беларусі», 1910 год

Ластоўскі хацеў бачыць свой народ роўны іншым, якія ўжо даўно існавалі на палітычнай мапе свету і мелі нацыянальныя дзяржавы. Вядома, па тых часах думка надта смелая, але Ластоўскі заўжды імкнуўся да таго, каб задаваць тон. Магчыма, менавіта з гэтай прычыны ён і распачаў на старонках газеты дзе працаваў, летам 1913 года першую публічную дыскусію ў беларускай літаратуры. 

Сэнс яе быў даволі просты – Ластоўскі абураўся тым, што такія ўжо прызнаныя класікі, як Янка Купала або Якуб Колас ствараюць упадніцкія творы, дзе паказваюць рэчаіснасць у максімальна песімістычных фарбах. А насамрэч усё ня так і кепска, трэба толькі паглядзець. Да ўсяго, аргументаваў сваю пазіцыю Ластоўкі, беларускія аўтары плачуць аб цяжкой долі селяніна “цыбуляй хіба крыху паціраючы вочы”. Гэта значыць ненатуральна, фальшыва. І тут яго мы можам зразумець, бо неапошні чалавек на той момант у беларускім руху добра ведаў пра норавы яго дзеячоў. Як тыя жывуць і як бавяць свой час…

Ёсць меркаванне, што насамрэч выкладзеныя там думкі і эстэтычныя пагляды належаць не Ластоўскаму, а Максіму Багдановічу. А Власт усяго толькі апрылюдніў канспект размоваў з маладым паэтам, які ў хуткім часе займеў сваю адзіную прыжыццёвую кнігу вершаў. Так гэта ці не ніхто ўжо не разгадае, застаецца хіба што выказваць гіпотэзы. Але дакладна ведаем, што ў люыбм разе Максім Багдановіч і Вацлаў Ластоўскі мелі прыязныя стасункі і трымаліся адной лініі ў справе погляду на сваю мінуўшчыну. 

Дыскусія зацягнула ў свій вір многіх беларускіх творцаў, якія адзін за другім пайшлі на старонкі беларускіх выданняў, каб выказацца. Але асноўны апанент Вацлава Ластоўскага так і застаўся невядомым – падпісаўшыся “Адзін з парнаснікаў” ён захаваў таямніцу сваёй асобы. Найчасцей гэтага чалавека асацыююць з Янкам Купалам, які цалкам лагічна апынуўся ў дыскусіі па розныя бакі барыкадаў з Властам. Але бытуе і такая думка, што гэта мог быць … сам Ластоўскі. Бо той неверагодна любіў усялякія містыфікацыі! 

Як вядома, выданне “Нашай Нівы” спынілася з прыходам немцаў у Вільню ў часе Першай сусветнай вайны. Але ў пачатку 1915 года група беларускіх дзеячоў, сярод якіх былі браты Антон і Іван Луцкевічы, Вінцэнт Святаполк-Мірскі і Вацлаў Ластоўскі, звярнуліся да нямецкіх уладаў з просьбай аб дазволе легальнага беларускага друку. Мінуў год і такі дазвол быў атрыманы – пачала выходзіць газета “Гоман”.

Выдаваная ў двух варыянтах – лацінкай і кірыліцай, яна была сапраўдным глытком свежага паветра, сярод пажарышчаў Першай сусветнай, у выніку якой беларуская этнічная прастора аказалася разарванай лініяй фронту. На старонках выдання публікаваліся не толькі бягучыя навіны з розных куткоў, але таксама і разнастайныя тэарэтычныя матэрыялы, дзе абгрунтоўвалася права беларусаў на стварэнне сваёй Беларускай Рэспублікі. 

Не абмінала гэтая “Беларуская Віленская часопісь” і гістарычнай тэматыкі. Сярод іншага менавіта на старонках гэтага выдання з’явіўся рэзанансны артыкул Ластоўскага пад назвай “Памяці справядлівага”. У ім ён паспрабаваў вярнуць у сучасны кантэкст імя Кастуся Каліноўскага. Праўда, у тым тэксце Каліноўскі яшчэ не Кастусь, але Касцюк. 

Увосень 1918 года Ластоўскі выдаў адзін нумар палітычна-літаратурнага часопіса “Krywičanin”, дзе добра заўважная эвалюцыя яго паглядаў. Па ўсім відаць Власт ад пачатку быў не да канца сацыялістам, як большасць тагачасных беларускіх актывістаў, бо вельмі любіў мінулае. А тагачасныя левыя, у тым ліку і сацыялісты, глядзелі на прамінулыя часы абыякава. Яны імкнуліся да стварэння светлага заўтра, а не вяртання светлага ўчора. 

Паспрабаваў сябе Ластоўскі і на палітычнай ніве. Пасля абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі ён далучыўся да актыўнага яе стварэння. Праўда, у снежні 1919 года рада БНР зведала раскол – такім чынам утварылася цэлых 2 рады – Найвышэйшая Рада і Народная Рада БНР. Гэта быў акурат той момант незваротны момант, калі шляхі былых паплечнікаў канчаткова разыйшліся. 

Бо ў Найвышэйшай Радзе першым нумарам быў Антон Луцкевіч, а ў Народнай Радзе Вацлаў Ластоўскі. Кожны з бакоў не прызнаваў легітымнасці іншага і абвінавачваў апанентаў у тым, што гэта яны шарлатаны і злодзеі. Па факце ж у беларускім руху наміцалася тая тэндэнцыя, калі адна з фракцый заняла выразна “прапольскую” пазіцыю, а другая – “пралітоўскую”. 

Менавіта з гэтай прычыны ўрад БНР, які ачольваў Вацлаў Ластоўскі, у выніку аказаўся ў Коўне. Следам за ім у “часовай” сталіцы міжваеннай Літвы “прызямліліся” і іншыя чальцы ўраду – Аляксандр Цвікевіч, Тамаш Грыб ды іншыя. 

Язэп Язвінскі