Калі я падавалася на ўдзел ў праекце “KRAINA Media”, маёй асноўнай мэтай было – паглядзець, як уладкавана праца ў еўрапейскіх медыя, у прыватнасці ў нямецкіх. Па выніках я атрымала нашмат болей, чым разлічвала.
Таццяна Печанько
1. Гістарычны комікс
Першы і адзін з найбольш важных для мяне мяне вынікаў – стварэнне гістарычнага комікса пра Вацлава Ластоўскага. Якасных медыя прадуктаў па-беларуску лёгкіх фарматаў усё яшчэ не дастаткова. А беларускамоўных коміксаў ды яшчэ на гістаручную тэму – зусім вобмаль. Таму я вельмі рада, што атрымалася рэалізаваць такую задуму. Для мяне асабіста гэта быў соеасаблівы выклік, бо калісьці даўно ў рэдакцыі Budzma.org мы мелі досвед стварэння комікса, праўда, не на гістарычную тэму. Тады працэс стварэння комікса ішоў складана і не ўсё атрымалася, так як нам хацелася. Гэтым разам атрымалася знайсці каманду прафесіяналаў, з якімі можна працаваць далей і ствараць новыя коміксы.
2. Нямецкая праграма
Ва ўсіх трох паездках была насычаная і цікавая праграма. Усе сустрэчы былі карыснымі – некаторыя з пункту гледжання атрымагага практычнага досведу, іншыя – з пункту гледжання атрыманых уражанняў і пашырэнняя кругагляду. Назаву найбольш яскравыя сустрэчы.
Dekoder
Сустрэча з рэдактарам Дэкодэра Леанідам Клімавым была, напэўна, самай натхняльнай. Спецпраекты, якія яны робяць, можна разглядаць бясконца, і было вельмі цікава і карысна даведацца, як менавіта яны ствараюцца.
KITCHEN CONVERSATIONS
Даўно хацела даведацца больш пра падкасты, каб развіваць гэты накірунак у сваёй рэдакцыі, і таму сустрэча з Патрыцыяй была вельмі дарэчы. Патрыцыя вельмі адкрытая і эмацыйная, на сваім прыкладзе яна шчыра рапавяла пра ўсю “кухню” працы над падкастамі, так што цяпер не страшна брацца за свае.
X3-PODCAST
Вельмі добры і натхняльны прыклад таго, як дзякуючы энтузіязму невялікай каманды атрымліваецца трымаць актуальнай у нямецкай інфапрасторы даволі вузкую тэму.
OsTraum
Было надзвычай цікава даведацца, як персанальны блог ператварыўся фактычна ў прафесійнае медыя.
Quadriga Hochschule
Шчыра ўдзячная за сустрэчу з прафесаркай Анай Адзі і яе калегай за магчымасць паглядзець пад іншым ракурсам на сваю працу і на сваю аўдыторыю. Атрымаўся своеасаблівы сеанс кіраванай самарэфлексіі. За безліччу штодзённых задач на гэта заўжды не хапае часу, хоць яно сапраўды карысна і каштоўна.
3. Магчымасць нагадаць пра сітуацыю ў Беларусі
Большасць нямецкіх калег добра абазнаная адносна сітуацыі ў Беларусі, але ж магчымасць нагадаць яшчэ раз пра беларускіх палітвязняў і сітуацыю у Беларусі вельмі каштоўная. Хай сабе практычная карысць ад гэтага абмяжуецца тым, што хтосьці з нямецкіх медыйшчыкаў напіша ліст беларускім палітвязняў, гэта ўжо будзе вельмі добра і стане для кагосьці адчувальная маральнай падтрымкай.
4. Новыя сябры і знаёмствы
Дзякуючы ўдзелу ў праекце мы пазнаёміліся і абмяняліся кантактамі з выдатнымі прафесіяналамі са сферы медыя, якія могуць быць карыснымі ў нашай працы. Не менш каштоўнай была і магчымасць сустрэцца і працаваць разам з беларускімі калегамі з розных выданняў, асабліва з улікам сённяшняй сітуацыі, калі беларусы раскіданыя па свеце і далёка не заўсёды ёсць магчымасць бачыцца ўжывую і размаўляць.
5. Культурная праграма
Не магу не адзначыць наведванне Бундэстагу. Было вельмі цікава пабачыць такую значную ўстанову ды палюбавацца відамі на горад. Увогуле раней я была ў Берліне толькі праездам, і для мяне ўдзел у праекце стаўся яшчэ і выдатнай магчымасцю пазнаёміцца з прыгожым горадам, за што я шчыра ўдзячная арганізатарам.
Агулам уся паездка была вельмі добрая спланаваная – з аптымальнай колькасцю сустрэч на дзень і прадугледжнай магчымасцю для самастойнай працы.
Дзякуй RAZAM і праекту “KRAINA Media”!