Ён мог спакойна кінуць усё ды паехаць выкладаць у Прагу або Чыкага. Але ў выніку выбраў Менск. Разбіраемся з нечаканым і фатальным выбарам Вацлава Ластоўскага.
“Вацлаў Ластоўскі”. Лінарыт Міколы Рыжага (1992). Фота: adradjency.narod.ru
У красавіку 1923 года Вацлаў Ластоўскі падаў у адстаўку з пасады прэм’ер-міністра Беларускай Народнай Рэспублікі і назаўжды адышоў ад якой-кольвек палітычнай дзейнасці. Абумоўлена гэта было тым, што беларускі палітычны асяродак, найперш у Коўна, быў незадаволены дзейнасцю Власта.
Жарсці падаграваліся яшчэ больш: Ластоўскі сутыкнуўся з моцным апанентам — ім аказаўся гісторык Аляксандр Цвікевіч, які ў выніку разам з групай сваіх прыхільнікаў даб’ецца таго, каб Ластоўскі пайшоў у адстаўку. І тут варта разумець хіба тое, што хутчэй за ўсё Власт быў і праўда не самым лепшым палітыкам, бо імкнуўся да таго, каб збольшага гуляць па правілах.
Вызваліўшыся ад усіх палітычных абавязацельстваў, ён узяўся за тое, што ў яго выходзіла лепш за ўсё — культурніцкай і навуковай сферай. Там дзеілі іншыя законы, таму і сцвердзіцца было значна прасцей. Ужо летам 1923 года з’явілася новае беларускае эміграцыйнае выданне — часопіс «Крывіч», дзе Ластоўскі разам з сябрам Клаўдыем Дуж-Душэўскім паспрабаваў увасобіць сваю «крыўскую ідэю».
У 1924 годзе з’явіўся «Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік», які тады быў моцна раскрытыкаваны іншым вядомым мовазнаўцам — Сцяпанам Некрашэвічам. Той абрынаўся са старонак часопіса «Полымя» на Ластоўскага за тое, што слоўнік укладзены не зусім правільна, а многія са словаў дык і наогул ім прыдуманыя. Але разам з тым прызнаваў, што Ластоўскі сабраў багаты факталагічны матэрыял, які варта было б увесці ў навуковы ўжытак належным чынам.
Праз год рэдакцыя «Крывіча» заклікала са старонак сваіх чытачоў супольна адсвяткаваць «400-летнюю гадаўшчыну крыўскага (беларускага) друку», якая прыпадала на «цэлы 1925 год». За пункт адліку было ўзята выданне Францішкам Скарынам «Апостала», які пабачыў свет у Вільні. Беларускім дзеячам і прыхільным да беларусаў прадстаўнікам іншых народаў прапаноўвалася належным чынам ушаноўваць гэтую падзею. Так Вацлаў Ластоўскі разам з аднадумцамі спрабаваў канкураваць з Савецкай Беларуссю, дзе гэтая падзея адзначалася лічы на дзяржаўным узроўні.
І трэба адзначыць, што Ластоўскі зрабіў важкі ўнёсак у справу даследавання старабеларускага кнігадруку, бо менавіта пад яго аўтарствам у 1926 годзе выйшла «Гісторыя Беларускай (Крыўскай) кнігі» на болей чым 700 старонак. Густоўна аформленая сусветнавядомым мастаком Мсціславам Дабужынскім, яна і цяпер глядзіцца шыкоўна, а як па тых часах — цяжка сабе нават уявіць.
Вацлаў Ластоўскі паспрабаваў скласці ў адным месцы ўсе свае веды, што былі накопленыя ім цягам жыцця. Сама ідэя даўняга народа крывічоў або крывічанаў, якая фармулявалася ім на старонках «Крывіча», набыла тут цэльнасць. Перад намі паўстане не проста набор нейкіх разрозненых нататак, але складны тэкст, дзе вядзецца аб нашай гісторыі ад сівых вякоў. Разважае Вацлаў Ластоўскі, вядома, не толькі пра кнігі. Так уласна і выбудавалася ягоная «крыўская тэорыя», якая ў часы сталіншчыны была прызнана не проста непажаданай, але стала забароненай.
Калі літоўская падтрымка стала драбнець, Ластоўскі задумаўся пра пераезд. У дзеяча ягонага ўзроўню былі розныя варыянты — Ластоўскага звалі на навуковую і выкладчыцкую працу ў Прагу і нават у Чыкага! Але ў выніку ён абраў сталіцу БССР, што стала фатальным крокам у ягоным жыцці.
Пераезду папярэднічала наведванне знакамітай Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу, якая адбывалася ў лістападзе 1926 года з ініцыятывы Інстытута беларускай культуры ў Менску і сабрала вялікую колькасць адмыслоўцаў не толькі з Савецкага Саюза, але таксама з Латвіі, Літвы, Польшчы, Чэхаславакіі ды іншых краін. Было на ёй шмат прадстаўнікоў беларускай эміграцыі, якія да гэтага былі варожа настроеныя да бальшавікоў.
А тыя ў сваю чаргу, жадаючы прадэманстраваць дасягненні савецкага ладу, імкнуліся не проста паказаць Савецкі Саюз у найлепшым выглядзе, але таксама перацягнуць «контррэвалюцыйных» беларусаў на свой бок. То-бок заахвоціць да вяртання на радзіму. Разлік быў таксама і на практычны бок — у БССР поўным ходам ішла палітыка «беларусізацыі», а нацыянальных кадраў крытычна не ставала. Адны і тыя ж людзі выкладалі ва ўніверсітэтах, працавалі ў рэдакцыях часопісаў і газет, займаліся навукай і літаратурай.
Ластоўскага савецкі Менск уразіў, аб чым ён пакінуў даволі багатыя ўспаміны ў апошнім нумары выдаванага ім «Крывіча». Тут ён сустрэў многіх тых, каго ведаў з ранейшага жыцця — Янку Купалу і Якуба Коласа, Францішка Аляхновіча і Паўліну Мядзёлку. Сустрэў дзеячаў нядаўняй беларускай эміграцыі, якія ўжо паспелі вярнуцца ў БССР — Аляксандра Цвікевіча ды Уладзіміра Пракулевіча.
Але тут хутчэй за ўсё асноўную ролю адыгралі не настальгічныя эмоцыі, бо Ластоўскі быў не з менчукоў, а перадусім пакліканне, неабходнасць і магчымаць рэалізацыі. Бальшавікі абяцалі дапамогу не толькі з пераездам, але таксама і з працай. Да ўсяго можна было займацца акурат тым, што табе даспадобы. Пры гэтым у Менску працавалі тэатры, музеі, універсітэт, Інбелкульт, выходзілі па-беларуску газеты і часопісы. Зрэшты, мясцовая камуністычная эліта кшталту Усевалада Ігнатоўскага, Аляксандра Чарвякова або Антона Баліцкага яшчэ гаварыла з народам на беларускай мове.
Паскорыў справу з ад’ездам пераварот, які адбыўся ў сярэдзіне снежня 1926 года. Хутчэй левы, але тым не менш законнаабраны літоўскі ўрад, быў зрынуты Антанасам Смятонай і таўціннікамі. Усталяваўся рэжым ягонай дыктатуры — не надта каб жорсткі, але абсалютна бесперспектыўны для прадстаўнікоў нацыянальных меншасцяў. З прыходам нацыяналістаў да ўлады падтрымка Ластоўскага зусім знікла. Таму ён і выехаў з Коўна ў канцы сакавіка 1927 года.
Пара для пераезду была нібы і падыходзячай. Легендарны Інбелкульт, які ўласна і арганізаваў канферэнцыю па рэформе правапісу, рыхтаваўся для ператварэння ў самую сапраўдную Акадэмію навук. Калі гэта адбудзецца, то імя Вацлава Ластоўскага акажацца ў спісе першых акадэмікаў. Сам жа ён выступіць на старонках прэсы з невялікай нататкай, якая так і будзе называцца: «Утварэньне Акадэміі навук — сьвята ўсіх беларусаў». Па адной гэтай карацельцы бачна, што ён так і застаўся «папутчыкам» — без «фасаднага» камунізму, без класа-гегемона, без пралетарскай ідэалогіі. Выключна беларускі інтарэс для беларусаў. Як і мае быць:
«Ператварэньне Інстытуту Беларускае Культуры ў Беларускую Акадэмію Навук шырока адгукнецца па ўсім сьвеце. Працоўныя масы і інтэлектуальныя сілы Захаду і Ўсходу ацэняць гэты акт, і, у вянку культурных здабыч, дасягнутых у апошнія гады народамі СССР пад кіраўніцтвам камуністычнай партыі, прыбудзе ашчэ адна яркая зорка. Яна будзе сьведчыць усім і назаўсёды, што ў саюзе працоўных усяго сьвету —найлепшая запарука свабод і правоў усіх народаў. Працоўных-ж масы Заходняе Беларусі, беларусы Латвіі, Літвы, рассыпаныя па Эўропе і Амэрыцы, годна прымуць гэты гістарычны акт ураду БССР, маючы яшчэ адзін цьвёрды доказ, што духовы цэнтр усіх працоўных беларусаў — Менск».
Але дабрабыт цягнуўся нядоўга. Яшчэ ўлетку 1929 года Вацлаў Ластоўскі разам з Сцяпанам Некрашэвічам вандравалі па Цэнтральнай Беларусі, аб чым расказвалі на старонках беларускіх газет, хваліліся знаходкамі і дзяліліся планамі. А ўжо ўвосень яны будуць вызваленыя са сваіх пасадаў у Акадэміі Навук. А наступным летам, 1930 года, арыштаваныя проста ў часе экспедыцыі, а пазней пазбаўленыя званняў акадэмікаў.
Без суда, але паводле пастановы ГПУ, у красавіку 1931 года іх разам з сотняй іншых беларускіх дзеячаў проста выправяць у высылку тэрмінам на 5 гадоў. Потым яе працягнуць яшчэ на некалькі гадоў, пакуль у 1937 годзе паўторна не арыштуюць і не расстраляюць.
Перачытваючы апошнія лісты Ластоўскага, можна заўважыць, як яго накрывала смутнаглядва — калі ў 1934 годзе ён, лістуючыся з бацькам Максіма Багдановіча, яшчэ на нешта спадзяваўся, то ў 1936 годзе ўжо не.
У апошняй сваёй заяве, датаванай 1 кастрычніка 1937 года, ён пасля 38-гадзіннага допыту звяртаецца да следчага з просьбай выслаць яго назад у Літву.
Язэп Язвінскі