Сутнасць праекта. “Спяваем разам” – гэта 8 папулярных беларускіх песень (куплет з прыпевам), запісаных акапэла ў форме вертыкальнага відэа для зручнага выкарыстання на платформах TikTok i Instagram Reels. Выканаўца – прафесійная спявачка і настаўніца вакалу Валерыя Валадзько (Akvaleria). Кожнае відэа запісвалася асобна ў розных лакацыях, з рознымі дэкарацыямі і настроем, вакал апрацоўваў гукарэжысёр, пры мантажы на відэа накладзеныя субтытры для караоке. Для посту ў сацсетках і размяшчэння на сайце створаная арыгінальная ілюстрацыя і дызайн. Да кожнага відэа ў каментары публікуецца поўны тэкст песні.
Ідэя праекта “Спяваем разам” – аб’яднаць беларусаў вакол старадаўняй традыцыі, выкарыстоўваючы сучасныя тэхналогіі і спажывецкія звычкі. Супольны спеў – магутная спрадвечная традыцыя, якая аб’ядноўвае асобных людзей у злучаную агульнай ідэяй і настроем групу аднадумцаў, паплечнікаў. Нездарма менавіта традыцыя “Спеўнага поля” запачаткавала дэмакратычныя перамены ў краінах Балтыі. Беларусы таксама звыклі спяваць, сабраўшыся разам – з нагоды вяселляў, абрадавых святаў, пад час выканання цяжкай працы. Агульная песня дадавала звычаям і працэсам адмысловую дынаміку, дарыла пачуццё яднання.
Сёння у супольнай, недасканалай, акапэльнай песні ёсць шмат канкурэнтаў. Маладыя людзі скроляць стужку ў TikTok i Instagram, часцей, чым збіраюцца са сваімі сем’ямі за агульным сталом або заняткам і спяваюць песні.
Рэалізацыя. Рэдакцыя часопіса “Сойка” прапанавала злучыць спрадвечнае і сучаснае, і запісаць некалькі папулярных кампазіцыяў у нязмушаным фармаце, без мікрафонаў, аранжыровак і студыйнага святла. На відэа праекту “Спяваем разам” – звычайная жанчына, якая паказвае, як лёгка і проста можна заспяваць, проста паўтараючы за ёй. Песні, якія прапаноўваецца выконваць, адбіралі рэдакцыйна разам са спявачкай. У выніку галасавання спыніліся на агульнавядомых і ўлюбёных кампазіцыях, якія лёгка выконваць, пад розны настрой і розныя вакальныя здольнасці.
Відэа будзе пашырацца праз Instagram, TikTok, а таксама будзе апублікавана на сайце Sojka.io разам з поўнымі тэкстамі песень.
“Спяваем разам” – праект анлайн-часопіса “Сойка” (Sojka.io), супольна з праектамі RAZAM і KRAINA Media пры фінансавай падтрымцы Федэральнага міністэрства замежных спраў Германіі.