Тэндэнцыі ў сучаснай тыпаграфіцы. Ці актуальнае пытанне пра нацыянальны шрыфт?
Амаль кожная краіна выбірае свае сімвалы. Сярод таго, што рэпрэзентуе краіну, могуць быць і шрыфты. Ці мае сэнс набіраць беларускую паэзію (ці нават заканадаўчыя акты) не толькі на роднай мове, але і шрыфтамі, якія ўтрымліваюць нашую традыцыю пісьменнасці? Што дае выкарыстанне шрыфту, звязанага з лакальнымі традыцыямі той ці іншай культуры, альбо як звязаныя візуальная пісьменнасць і ідэнтычнасць?
Нягледзячы на тое, што шрыфты дапускаюць пэўную ступень уніфікацыі, шрыфтавыя школы розных краін зноў сталі запатрабаванымі з распаўсюджваннем інтэрнэту. Як бы парадаксальна тое ні гучала, у глабальным свеце, дзе пераважаюць лічбавыя тэхналогіі ў камунікацыі, запыт на лакальную айдэнтыку толькі ўзрастае.
У шрыфтавым дызайне назіраецца дзве тэндэнцыі: першая — распрацоўка ўніверсальных шрыфтоў, у якія ўключаны сімвалы амаль усіх моў свету, то-бок нават самыя маленькія народнасці і прадстаўнікі розных пісьмовых сістэм могуць набіраць тэкст на роднай мове пры дапамозе ўніверсальнага шрыфту (напрыклад, камп’ютарны шрыфт Пінг/Ping Петэра Білака кампаніі Typotheque, што ахоплівае пісьменнасць на роднай мове для трох мільярдаў жыхароў Зямлі). Другая тэндэнцыя — распрацоўка спецыфічных шрыфтоў для пэўных рэгіёнаў са сваёй арыгінальнай моўнай культурай, напрыклад шрыфты Cymru Wales Sans і Cymru Wales Sеrif, у якіх прысутнічаюць знакі пісьменнасці валійскай мовы (адсутныя ў лацінскім алфавіце) для графства Уэльс у Вялікабрытаніі. І хоць валодае ёй толькі 20 % валійцаў, але менавіта гэтая мова была пакладзеная ў аснову турыстычнага брэнду рэгіёна. Імкненне ўзмацняць сваю ідэнтычнасць любымі сродкамі, у тым ліку і візуальнымі, абумоўлена глабалізацыяй.
У тыпаграфіцы ў Беларусі найбольш частая адсылка да шрыфту з выданняў Францыска Скарыны: рэканструкцыя шрыфту Паўлам Семчанкам, інтэрпрэтацыя шрыфту Генадзем Мацурам, рэканструкцыя шрыфту Скарыны і ўзнаўленне з дапамогай драўляных формаў Усеваладам Свентахоўскім, нядаўняя лічбавая рэканструкцыя шрыфту з выданняў Скарыны Аляксеем Ковалем. Але гэтыя шрыфты пакуль не адаптаваныя пад тэхналогіі для выдавецкай дзейнасці (за выключэннем, бадай што, апошняга).
1991 Павел Семчанка. Шрыфт Новаскарыненскі
Генадзь Мацур. Шрыфт Біблія руска
Усевалад Свентахоўскі. Шрыфт Скарынка
Аляксей Коваль. Шрыфт Скарына
Рэпрэзентатыўную функцыю ў Польшчы і прызнанне атрымала антыква Адама Пултаўскага, якая паходзіць ад геаметрызаванай антыквы Дзідо (Didot) і выкарыстоўваліся ў Польшчы напрыканцы XVIII стагоддзя ў варшаўскай друкарні “Gazety Narodowej i Obcej” Тадэвуша Мастоўскага і каралеўскай друкарні Яна Майа. Ствараўся шрыфт Пултаўскага ў часы паміж Першай і Другой сусветнымі войнамі, замацоўваючы сувязь паміж дзяржаўнасцю, традыцыяй і мадэрнізацыяй.
Антыква Адама Пултаўскага
Ва Украіне нароўні з гістарычнай тыпаграфікай найбольш заўважны ўплыў спадчыны авангарду — не толькі на выяўленчую традыцыю, але і на шрыфтавую графіку. Шрыфт Васіля Ярмілава 20-х гадоў ХХ стагоддзя, створаны ў адпаведнасці з авангарднай эстэтычнай праграмай, паслужыў крыніцай натхнення для сучасных дызайнераў.
Шрыфт DR Ukrainka Дзмітрыя Растворцава — гэта рэканструкцыя летэрынгу Васіля Ярмілава, Васіля Крычэўскага і Георгія Нарбута, зробленага ў 1920-х. Шрыфт “Ярмілаў” Кірыла Ткачова, спецыяльна распрацаваны для брэнду Украіны Ukraine Now, мае аддаленыя алюзіі на тыпаграфіку Ярмілава, але ягоная назва замацоўвае авангардную традыцыю як ключавую ў справе прадстаўлення Украіны для міжнародных партнёраў. У канцэпцыі брэнду Ukraine Now падкрэсліваецца: прамаўляць пра Украіну трэба ўкраінскім шрыфтам. Сам брэнд выклікаў дыскусіі, але паказальна, што менавіта авангардная эстэтыка (а не народныя матывы ці старажытныя гістарычныя крыніцы) леглі ў аснову брэнду краіны.
Шрыфт Ярмілаў Дзмітрыя Растворцава
З пачатку нулявых Васіль Чабанік распрацоўвае ўкраінскую кірыліцу “Рутэніа”, у якой з’яўляюцца графемы літар, базаваных на гістарычных прататыпах украінскіх рукапісаў.
Шрыфт Ярмілаў Дзмітрыя Растворцава
Цяпер украінскую кірыліцу распрацоўваюць шмат украінскіх шрыфтавых дызайнераў.
Падчас палітычнага напружання і выкарыстання мовы як прэтэксту для ваеннай агрэсіі, даволі радыкальная ідэя Цімаці Снайдэра не можа не паказацца прывабнай. Снайдэр прапануе руйнаваць манаполію на расійскую мову і кадыфікаваць ва Украіне суржык, і, працягваючы думку Снайдэра, у Беларусі – трасянку. Каб яны адрозніваліся ад расійскай, як амерыканская англійская ад брытанскай англійскай.
Шрыфтавы архіў мае на мэце стварэнне падмурку, на якім можам разам са смелымі візіямі будучыні працягваць сувязь часоў і традыцый пісьма і друку.