Маляваныя шрыфты ў Шрыфтавым архіве Беларусі. (2)

5 снежня, 2023
4 хвілін чытання

Як ствараўся вобраз савецкай кнігі? Беларуская кнігі і яе вытокі

Савецкі саюз прамаваўся як самая чытаючая краіна, але як аздаблялася кніга і якія шрыфты выкарыстоўваліся?

Літары на тытульным аркушы «Гісторыі Беларускай ССР» 1972 года выглядаюць як машынны набор гатовымі шрыфтамі, але калі прыглядзецца, то не застаецца сумневаў, што надпіс намаляваны.  

Гісторыя Беларускай ССР у пяці тамах. Мінск «Навука і тэхніка», 1972

Калі сягнуць у 50-я і паглядзець на літары на тытульным аркушы збору сачыненняў Петруся Глебкі, таксама не застаецца сумневаў, што надпіс намаляваны, але стылізаваны як быццам набіраны машынай, гатовымі шрыфтамі. Чаму мастакі малявалі загалоўкі кніг такім чынам, каб было падобна на машынны набор?

Пятро Глебка, Збор твораў у двух тамах. Мінск, Дзяржаўнае выдавецтва БССР, Рэдакцыя мастацкай літаратуры, 1958

Маляваныя шрыфты, у адрозненне ад тэкставых, наборных шрыфтоў, могуць быць выразнымі, стылёвымі і яркімі, але па-за савецкай і постсавецкай прасторай яны не мелі шырокага распаўсюду ў друку (кніжным, плакатным дызайне). 

У 1920-я канструктывісцкая эстэтыка вымагала рэвалюцыйных падыходаў да суадносін тэксту і ілюстрацый, бо фактычна надпісы станавіліся ілюстрацыямі. Палітычная рэвалюцыя ў Расійскай імперыі адаптавала і прысвоіла дасягненні рэвалюцыі эстэтычнай. На працягу 1920-х новы сацыялістычны рэжым паблажліва ставіўся да мастацкіх авангардысцкіх эксперыментаў, таму мы маем даволі яркі перыяд у кніжным дызайне і ілюстрацыі.

На працягу 1930-х савецкая ўлада, пераплавіўшы дарэвалюцыйныя літары гатовых шрыфтоў (пуансоны), увасобіла сацыялістычны лозунг “нацыянальны па форме, савецкі па змесце” ў шрыфтах, гэты прынцып увасобіўся ў пісьме на беларускай мове, але стандартызаванымі савецкімі шрыфтамі. Рэформа беларускай мовы ў 30-я і 50-я, рэпрэсіі да творцаў і жорсткая цэнзура савецкага друку, а ў дадатак поўная змена прынцыпу падбора шрыфтоў не пакідалі  шансаў на культурную, гістарычную і візуальную пераемнасць. Пра сціпласць выбару шрыфтоў кажа факт, што з 1930-х па 1991 год аддзелам новых шрыфтоў УНДІЦМБ (Усесаюзны навукова-даследчы інстытут цяжкага машынабудавання) было распрацавана каля 40 гарнітур шрыфтоў! Для ўсяго друку, усяго савецкага саюзу! У дадатак час ад часу выдаваўся каталог маляваных акцыдэнтных шрыфтоў. Пачынаючы з 30-х мастацкую літаратуру друкавалі літаратурнай гарнітурай, навуковую – акадэмічнай, газеты – газетнай і т.п. Для пятнаццаці савецкіх рэспублік з рознымі традыцыямі пісьма гэта было вельмі адчувальнае абмежаванне, улічваючы, што аб’ёмы друку былі вялікія, дык натуральна, што для вокладак і тытульных аркушаў пачалі маляваць шрыфты. Кіруючыся агульнымі правіламі (кнігі пра партыю і ідэалогію друкавалі антыквай, а пра пяцігодкі і прамысловасць – гратэскам, сатыра – напісанымі ад рукі і т.п.), мастакі малявалі літары, стараючыся зрабіць так, каб тыя выглядалі машынным наборам гатовымі шрыфтамі. Але, як кажуць шрыфтавікі, бог у дэталях, таму калі прыглядзецца – шрыфты адрозніваюцца ад машынных. 

Старонка кнігі Большаков И., Гречихо Г., Шицгал А. Книжный шрифт. Москва, Книга, 1964. С. 72-73 https://bibliotekus.artlebedev.ru/books/knizhniy-shrift/38/

Што змянілася ў 1990-х?

Па меры развалу Савецкага Саюза змяншаўся ціск на мастакоў, замест правіл і ўзораў з’явілася магчымасць увасобіць у надпісах цікавасць да традыцый і гісторыі Беларусі. Пакуль камп’ютары і лічбавыя шрыфты не атрымалі шырокага распаўсюду, мастакі для кожнай кнігі малявалі надпісы для вокладкі і тытульнага аркуша. Кнігі пачатку 1990-х вызначаюцца перадусім яркімі спасылкамі на гістарычныя прататыпы: паўустаў і скорапіс ВКЛ, а таксама да шрыфтоў храналагічна і стылістычна звязаныя з перыядам прамысловай рэвалюцыі.

Драматычнасць змен у шрыфтавой графіцы можна заўважыць па тым, як змянілася аздабленне «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі» ў параўнанні са згаданым вышэй выданнем 70-х.
Дызайнер Эдуард Жакевіч распрацаваў адмысловы шрыфт для шасцітомнай «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі». Шрыфт зроблены згодна з мадэрнісцкімі прапорцыямі і кантраснасцю, але не пакідае сувязі з традыцыямі беларускага друку і пісьма.

Энцыклапедыя гісторыі Беларусі ў шасці тамах. Мінск, Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1993-2003. Мастак Эдуард Жакевіч

Энцыклапедыя гісторыі Беларусі ў шасці тамах. Мінск, Беларуская

Адна з цікавостак гэтага шрыфту – літара “е”, якая на першы погляд выглядае як адлюставаная “э”. Менавіта такую графему літары “е” мы назіраем на экспрэсіяністычных вокладках Анатоля Тычыны, Валяр’яна Дваракоўскага і Генадзя Змудзінскага. 

Калаж з фрагментаў вокладак 1920-х, на якіх прыстунічае літара «Е»

У рукапісе XVI стагоддзя «Беларускі Трыстан» часта сустракаецца літара “е” згаданай формы, напісаная скорапісам.

Фрагмент старонкі скорапісу з выдання Białoruski Tristan : rękopis ze zbiorów Biblioteki Raczyńskich w Poznaniu. Poznań: Biblioteka Raczyńskich, 2018

Фрагмент старонкі скорапісу з выдання Białoruski Tristan : rękopis ze zbiorów Biblioteki Raczyńskich w Poznaniu. Poznań: Biblioteka Raczyńskich, 2018

Можна выказаць здагадку, што скарапісная літара “е” ў авангарднай эстэтыцы атрымала новае аблічча. А ў 90-я Эдуард Жакевіч узнавіў гэтую графему і змясціў у шрыфт, распрацаваны для «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі». На жаль, з распаўсюдам лічбавых шрыфтоў гістарычная графема літары “е” болей не выкарыстоўвалася, але ніколі не позна яе ўзнавіць.
Кнігі, аздобленыя Эдуардам Жакевічам, даволі пазнавальныя па арыгінальнай шрыфтавой графіцы. На вокладцы кнігі «Беларусь у малюнках Напалеона Орды. Другая палова ХІХ стагоддзя» 2001 года выдання таксама вельмі арыгінальны па прапорцыях, геаметрыі і графіцы шрыфт. Нібы сучасны, але з выразнымі элементамі скорапісу ў літары “у”. Прасветы літар “Б”,“Р”, “Ь”, “Ы” круглыя па сваёй форме, у той час яе літар выцягнутыя ў вышыню.

Беларусь у малюнках Напалеона Орды. Другая палова ХІХ стагоддзя. Мінск, Ураджай, 2001

Надпісы і маляваныя шрыфты Эдуарда Жакевіча на некалькі крокаў бліжэй да дызайну шрыфтоў, чым малюнкі літар 1920-х. Графічныя ідэі знаходзяць увасабленне ў сістэме і прынцыпах, на якіх будуюцца шрыфты, хаця сам Эдуард Жакевіч ніколі не рабіў свае надпісы на камп’ютары, заўсёды працаваў з пяром і на паперы.

Ад самага нараджэння 10 снежня 1940 года, па некаторых звестках у Смаргоні (прынамсі менавіта Смаргонь лічыў родным горадам сам творца), Эдуард Жакевіч жыў і працаваў у Беларусі. У 1972-м скончыў Беларускую акадэмію мастацтваў, тады Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут, дзе застаўся працаваць і спрычыніўся да фармавання і рэалізацыі канцэпцыі беларускай дызайнерскай адукацыі. Паралельна з выкладчыцкай дзейнасцю супрацоўнічаў з выдавецтвамі «Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі», «Народная Асвета» і «Ураджай».

Шрыфты Эдуарда Жакевіча здзіўляюць сувяззю з гісторыяй, якую трэба было ў 1990-я аднаўляць, зноўку з чыстага аркуша. Гэтая сувязь не наратыўная, а тая, што перадаецца праз прафесійныя веды і майстэрства, як кажуць, на кончыках пальцаў.

Маляваныя шрыфты 1990-х вельмі прывабныя, хаця складаныя эканамічныя варункі змушалі выдаўцоў карыстацца не заўсёды якаснай паперай, друк часцяком аднакаляровы, што ў рэшце рэшт для шрыфтоў не так і кепска, але ў спалучэнні з шурпатай жаўцеючай паперай можа адцягваць увагу ад эстэтычных якасцяў саміх надпісаў. Але гэтыя варункі не замінаюць, калі ўглядваешся ў надпісы, літары, спрабуючы згадаць іх паходжанне.