Новая медыяплатформа KRAINA Media была створана ў рамках праекта “Медыяпясочніца KRAINA – аналіз і абмен”. У рамках гэтага праекта каманда беларускіх журналістаў атрымала магчымасць здзейсніць тры навучальныя паездкі ў Германію для абмену ідэямі з нямецкімі медыяэкспертамі і стварэння інавацыйных медыяпрадуктаў аб Беларусі. Гэта дазволіла стварыць аснову для новай медыясупольнасці.
Нашы ўдзельнікі расказваюць пра гэтыя паездкі:
Таццяна Гендзель
З усіх паездак мне найбольш спадабалася трэцяя, апошняя паездка. Яна была проста неверагодна цікавай па колькасці карысных і пазнавальных людзей. У першую чаргу, вядома, варта адзначыць Тыграна Петрасяна – абаяльнага рэдактара з TAZ (з ім у нас была сустрэча кожную паездку). Я сапраўды спадзяюся на нашае далейшае супрацоўніцтва, бо TAZ спецыялізуецца на экалагічнай позве, а гэта мой асноўны напрамак у журналістыцы.
Далей рэдакцыя, з якой мы таксама сустракаліся неаднаразова – Dekoder. Я моцна ўражана іх спецпраектамі, афармленнем сайта, інтэрактыўнымі элементамі і жаданнем вельмі глыбока і дэталёва даследаваць тэмы. Гэта сапраўды якасная і глыбокая навуковая журналістыка і асабліва прыемна было пабываць на лекцыі Леаніда Клімава, якога можна слухаць з адкрытым ротам бясконца.
Яшчэ ў тройку фаварытаў уваходзіць Аляксей Ціханаў з OsTraum. Па-мойму гэта надзвычайны прыклад, як запал да чагосьці перарастае ў сапраўднае медыя. Было цікава прасачыць гісторыю OsTraum, які пачынаўся як блог двух людзей і за пару гадоў вырас да паспяховага нішавага медыя.
Было цікава паразмаўляць з Маркусам Венерам з FAZ, хоць гэта медыя далёка ад той працы, якой я займаюся, было цікава даведацца пра меркаванне пра Беларусь і беларускую позву ад спецыяліста такога ўзроўню.
З іншых паездак спадабалася сустрэча з Генрыкам Шульцом з WDR Cosmo – яны выпускаюць сапраўды цікавы і добра аформлены медыя-прадукт. З ім у нас былі практычныя заняткі па апісанні партрэта нашага сярэднестатыстычнага чытача і мне гэта падалося даволі карысным спосабам вызначыцца з будучай аўдыторыяй.
Было гэтак жа цікава пагутарыць з дзяўчынамі з Ost[k]lick – гэта прыклад сапраўды працоўнайсупольнасці.
Былі ў нас і практычныя заняткі па практыцы пабудовы супольнасці, дзе мы літаральна на паперках распісвала ўсе мэты і задачы. Было прыемна гэта структураваць і арганізаваць.
Вядома, варта асобна адзначыць і культурную частку – паход у Бундэстаг. Было б цікава паглядзець, як засядае нямецкі парламент, але мы хаця б паглядзелі, як гэта ўсё выглядае знутры.
Нетворкінг таксама меў месца ў цыкле нашых паездак і вечарынка ў n-ost і Taz дапамагла знайсці новыя кантакты і, я спадзяюся, будзе карысная ў далейшым супрацоўніцтве. І, адназначна, мы, удзельнікі праекта, таксама паспелі моцна пасябраваць паміж сабой за час паездак.
Дзякуй RAZAM за выдатную магчымасць убачыць такую велізарную колькасць розных арганізацый і медыя, і, спадзяюся, што праект Kraina Media зможа выжыць нягледзячы на першапачатковыя складанасці.